ТОП-50 назваў рэк і азёр Магілёўскай вобласці

56
12.05.2026

Чаму так названа?

ТОП-50 назваў рэк і азёр Магілёўскай вобласці

Ігар Шаруха

Назвы рэк і азёр – гэта гідронімы (разнавіднасць тапонімаў), якія ўяўляюць сабой уласныя імёны водных аб'ектаў. Яны адлюстроўваюць характар ​​плыні (Быстрыца), форму (Круглае), колер вады (Чорнае), навакольную прыроду (Бярэзіна) або маюць старажытныя моўныя карані.

1.jpg

1. АЛА, рака, у Кіраўскім, Бабруйскім, Жлобінскім, Светлагорскім р-нах, левы прыток р. Бярэзіна. На картах ВКЛ (1613 г.), Мік. Сансона (1697), Рыцы-Дзаноні (1770) пазначана як OLHA. У Магаданскай вобласці Расіі цячэ рака ОЛА (старая назва КОЛА, на эвенкійскай мове ‘коўш’, ад выгіна на рацэ). 1) Фінскае ALA – ‘ніжняе, нізіннае’, комі УЛЬ – ‘вільготны’. 2) К. Буге (1958) звязвае патамонім з літоўскімі Aleja, Aluota, AlauSHa, А. Ванагас (1981) – з літоўскім Aleti – ‘цячы’; В. Жучкевіч (1974) праводзіць паралелі з літоўскімі OLA – ʻпячора, упадзіна, варонка па берагах рэк, ручаёў, на балотах, ля падножжа ўзвышшаўʼ. 3) *OL- ʻмокрае, затарфаванае месцаʼ, ‘струменне’, ‘рака’, балцкае AL – ‘струменне, вільготнае месца’, АЛ – ‘плыць, цячы’, -А – ад апелятыва РАКА. Праславянскае *ULА звязана з такімі словамі як вуліца, вулей (старажытнагрэчаскае αὑλός – ʼдаўгаватая поласць, дудкаʻ, ἔναυλος – ʻрэчышчаʼ, αὑλών – ʼярʼ, вестфальскія ŌL, АUL ʼяр, лугʻ, ʻдарога, падарожжаʼ. Можна патлумачыць патамонім як ‘рака, што цячэ ўніз’ (з поўначы на поўдзень – важная характарыстыка для руху па рэках), ‘балотная рака’. Кароткая назва дае падставу лічыць, што яна найстаражытнейшая агульнаіндаеўрапейская або праіндаеўрапейская.

2. АСТРАВЫ ДУЛЕБЫ, балота, у Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах, бас. р. Друць. Варыянтная назва – ДУЛЕБСКАЕ БАЛОТА. Тапонімы з каранямі ДУЛЕБ, ДУЛЕП, ДУДЛЕБ распаўсюджаны ад Падняпроўя праз Валынь да Паноніі і Чэхіі. Кельцкі DU – ‘чорны’, ЛЕБ- / ЛАБ- ʻвыток з возера, выток з балотаʼ. DUDLA ʻяма, паглыбленнеʼ. Назва Дулебы – германская. У цэлым назва старажытнаеўрапейская.

3. АСЦЁР, рака, у Смаленскай вобласці Расіі, Клімавіцкім, Крычаўскім р-нах, левы прыток р. Сож. Рака з назвай Амсцёр цячэ і на Украіне, левы прыток р. Дзесна. Варыянтная назва – АСТРА. Корань, дастаткова распаўсюджаны ў гідраніміі. Вядомы шматлікія версіі паходжання: 1) Ханаанская версія, у значэнні ‘праломная рака’. 2) Старажытнаславянскі ОСТРЪ – ‘войстры, гарачы, круты, бугрысты, няроўны’, з параўнаннем Месяца, які так жа мае характарыстыкі ‘серпападобны’, ‘востры’; рака – прысвячэнне Месяцу, бо цячэ на захад.

3) Лацінскія OSTENDO, OSTENTUS, OSTENTO (OS) – р. Асцёр прысвечана Пуцяводнай зорцы. 4) У В. Пятрова (1972) СТР- ‘паток, струмень, востраў, хуткі’, СТРУМОК ад старажытнаіндыйскага SRAVATI – ‘цячэ’. У Іпацеўскім летапісу пад 988 г. Асцёр называецца як р. Оустрь (УСТРЬ). 5) Хазарская версія – вядома ўкраінская р. ОСТРЕДЬ (хазары-іўдзеі), на іўрыце: О+СТЕР, ВЪ+СТР, ОУ+СТРЬ, У+СТРЬ, О+СТРЬ. Аснова *СИТЕР סִתֵּר -‘хаваць’, ‘знікаць’; СЕТЭР סֵתֶר ‘патайное месца’, ‘укрыцце’ (у грэчаскай СОТЕР- – ‘збавіцель’, у грэчаскай і рымскай міфалогіі імёны Багоў; у хрысціянстве Соцер – Збавіцель – Ісус). 6) Латышскі апелятыў STRAUTS – ‘ручай’, беларускія геаграфічныя тэрміны СТРУМЕНЬ, СТРУГ, рускі СТРУЯ, старажытнагрэчаская назва ніжняга цячэння Дуная – ІСТР, нямецкі і шведскі STROM – ‘цячэнне, струмень, рака’. Корань *S(T)R- ‘рака, струмень’, на санскрыце STHURA – ‘шырокі’, у авестыйскай STURA – ‘шырокі, працяглы’, германская аснова STUR – ‘шырокі’, ісландская STURA, у розных формах нямецкай і англасаксонскай мовах STIEREN, STIURI, STIURA, STIURE, STEUER, STEOR і г.д. – ‘шырокі’. *ER- – ‘рухацца’. 7) Шведскае ÖSTER і нямецкае ÖSTER – ‘усходні’; сапраўды, беларуская і ўкраінскія рэкі Асцёр цякуць з усходу на захад.

Атрымліваем патамонім у значэнні ‘шырокі струмень’, ‘шырокая рака’, ‘шырокая, хуткая рака’, ‘рака з усходу’. Назва германская.

4. АЎЧОСА, рака, у Шклоўскім р-не, правы прыток р. Бася. У Гомельскай вобласці цячэ р. Ачоса. А(Ў)Ч-, *АCH – ‘вада’ і фармант -ОСА, які нагадвае кельцкі дэмінутыўны суфікс ЕS ад cтаражытнага інтэрнацыянальнага *ЕS- ‘рака’, ‘прыток’, балцкі фармант -ОSA. 1) У. Топараў і А. Трубачоў (1962) лічылі, што назва балцкая ў першапачатковай форме АKESA: AK- ‘крыніца, вока’ + -ESA / -ОSA. 2) А. Рогалеў звязвае гомельскі патамонім Ачоса праз параўнанне з балцкімі геаграфічнымі тэрмінамі KIESHÁ, CIESA – ‘густыя зарасці, гушчары’. 3) Але трэба ўлічваць і фіна-угорскую версію: вядомы патамонімы Ачерйок або Ача на Кольскім паўвостраве, Ача ў Кастрамской, Навасібірскай абласцях Расіі, у Башкартастане. Элемент -АЧ мае і тапонім Ківач (вядомы вадаспад). Элементы -АЧ, ЧУС- / ЧОС- у значэнні ‘бойкая рака’, ЧУС- ‘глыбокі яр, рэчышча з высокімі берагамі, каньён’ (р. Проня цячэ ў каньёне, на рацэ – г. Чавусы). Не выключана, што патамонім маглі перанесці гуны (мангольскае племя, але могуць быць кельтамі, са сваёй папярэдняй радзімы – бас. р. Чу-, пры чым іх мова магла належыць і да алтайскай, уральскай, енісейскай, мангольскай, цюркскай, кельцкай. 4) Славенскі ОKȎ у родным склоне – ОCHЕ̑SА. Назва, паводле ВЯЛІКАГА ГІСТАРЫЧНАГА АТЛАСА БЕЛАРУСІ, балцкая.

5. БАБРУЙКА, рака, у Бабруйскім р-не (ад яе назва г. Бабруйск), правы прыток р. Бярэзіна. Аснова БАБР-. У першапачатковай форме ВАБРУЯ, ВАВРУЯ, БАБРУЯ, старажытны фармант -УЯ. 1) Зоагідронім: бабёр, на старажытнарускай БЕБРЪ, БОБРЪ, у славянскіх *BЬBRЪ, *BOBRЪ, *BEBRЪ, напрыклад, на ўкраінскай БIБР, польскай BÓBR (рака Biebrza). Акрамя таго, у літоўскай BẼBRAS, BEBRÙS. В. Топараў і А. Трубачоў (1962) звязваюць падобныя тапонімы з коранем БАБР- / БОБР- менавіта з літоўскім BEBRUS ʻбабёрʼ, літоўскія аналагі – патамонімы Bebrujis (з балцкім гідранімічным фармантам -uj-) і Babrungas. 2) Корань БАБР-, які шырока ўжываецца ў еўрапейскай гідраніміі, і для абазначэння грызуна, напрыклад, у англійскай мове BEAVER, у шэрагу германскіх *BIBR-U- M, у кельцкіх BIBRAX, BIBRACTE, BEBRIACUM, BIBER, у лацінскай BIBER, звязаны са старажытна-індыйскім BABHRÚṢ, *BHE- BHRU- ʻкарычневыʼ, праіндаеўрапейскім *BHEBHR-U-, як і літоўскае слова BĖ́RAS ʻкарычневыʼ, старажытна-верхне-нямецкае BËRO – ʻмядзведзьʼ ад BRÛN, BRAUN ʻкарычневыʼ. Адсюль вынікае, што назва – колеравая характарыстыка вады, інда-іранская. 3) Фармант -УЙ, УЙЯ можа быць звязаны з фінскім, вепскім, эстонскім OJA ‘ручай, пратока,канава’. Назва інда-іранская, асіміляваная славянамі, або іранская (іранскі -КА).

6. БАСЯ, рака, у Дубровенскім, Шклоўскім, Горацкім, Дрыбінскім, Чавускім р-нах, правы прыток р. Проня. 1) Цюркская версія: у значэнні ‘галоўны, вялікі прыток’ Проні. 2) У. Топараў выводзіць ад балцкага *BAS, латышскіх BASI, BASITES, старажытна-прускага BOSIN. 3) Фіна-угорская БА(Б)-/ВА(Д)- ʻлясное возераʼ, С(А)- ‘возера’, ‘балота’ (ША- / СА-; фінскае SUO – ‘балота’), Я- ‘рака’. На комі мове ВАСÖД СЁН – ‘сырая лагчына’. 4) Грэчаскія БАС- / ВАС – ‘царскі’. 6) Аснова БАС- можа быць звязана са старажытнай (настратычнай) асновай у значэнні ‘вада, рака’, са скіфскім (інда-іранскім) тэрмінам БАСАЧ – ‘вялікая’, *BʰOSÓ- ‘голы’ (у дачыненні да ракі ‘вольная вада’), у рускай БОСЫ, літоўскай BASAS, латышскай BASS. 5) Больш старажытная назва – Васея, магчыма звязана з нямецкім Wasser – ‘вада’, *ER – ‘рухацца’, ‘пратока’, ‘рукаў’, ‘рэчышча’, ‘старыца’, ‘затока’, элемент – ЕЯ – і балцкі, і славянскі, і старажытнаеўрапейскі, але сустракаецца даволі часта і ў фінскіх гідронімах у значэнні ‘ручай, рака’, а яшчэ ЕЯ – ‘праточная вада’. Корань БАС- з’яўляецца мадыфікацыяй старажытнай гідранімічнай асновы са значэннем ‘вада’, ‘рака’. Назва інда-іранская.

7. БЕСЯДЗЬ, рака, у Смаленскай вобласці, у Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах, у Бранскай, Гомельскай абласцях. 1) У значэнні СКАМЬЯ (рускае), у беларускай мове – ЛАВА, ЛАЎКА. 2) В. Жучкевіч (1974) выводзіць назву ад рускага слова БЕСЕДА. 3) А. Рогалеў (1999) лічыць, што ранейшая назва ракі ОБЕТА / ОБЕСТА, але не прыводзіць спасылак на крыніцы; іранскія ОБ- ‘вада’ і СТА- ‘стаянка, стан, месца вобласці’; гэтая версія патрапіла ў кнігу ‘Памяць: Касцюковіцкі раён’. 4) Балцкая версія У. Топарава і А. Трубачова (1962) – ад літоўскіх BESTINIS, BEST-UPIS, латышскага BESTE, ад літоўскага BESTI – ‘капаць, утыкаць’; 5) Старажытныя БА- / БЕ-, ОБ- – ‘вада, рака, балота’, сувязь -С- з *SEU ‘вада’, -*D- / DE ‘зіхацець, блішчэць, свяціць’, *UED ‘вада’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва інда-іранская.

8. БЯРЭЗІНА, рака, у Докшыцкім, у Лепельскім, Барысаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Асіповіцкім, Бабруйскім, Кіраўскім, Светлагорскім, Жлобінскім, Рэчыцкім р-нах, самая вялікая з рэк, якія маюць і выток, і вусце на тэрыторыі краіны (613 км). Варыянтныя назвы - БЕРАЗІНА ДНЯПРОЎСКАЯ, БЯРЭЗІНА. 1) Самыя папулярныя версіі паходжання назвы – ад апелятыва БЯРОЗА, літоўскага BERZAS – ‘бяроза’, латышскага BIRŽE – ‘бярозавы гай’. Але патамонимы не з’яўляюцца фітагідронімамі (бяроза займае другое месца пасля хвоі сярод лесаўтваральных парод краіны; назва ў гонар бярозы супярэчыць асноўнаму закону тапанімікі: аб’екты атрымліваюць свае назвы ад нейкіх адметнасцяў мясцовасці, цікавостак, выключных рысаў краявідаў). 2) Сувязь з балцка-славянскім коранем у значэнні ‘хуткі’ (літоўскае BURZDÙS, праславянскае *BЪRZЪ), ‘борзы’. Ю. Адкупшчыкаў (2005) звязвае назву са старажытнагрэцкім Βορυσθένης, прапануе іншую этымалогію і звязвае назву ракі з балцка-славянскім коранем у значэнні ‘хуткі’ (літоўскае BURZDÙS, праславянскае *BЪRZЪ), ‘борзы’. 3) БЕР – у значэнні ‘крыніца’, ‘выток’, ‘хуткае струменне’ (індаеўрапейскі корань BHER- ‘праразаць’, ‘прабіваць’. 4) Старажытнаеўрапейская аснова БЕР- / БЯР- ʻбалотаʼ. 5) Аснова інда-іранская (індаеўрапейская), звязана з індаеўрапейскімі B(H)ER – ‘рваць, рубіць’ (‘рэчышча’), B(h)ERHK – ‘свяціць, блішчэць’, *BHER – ‘светлы, ясны’. 6) Сувязь з апелятывам БЕРАГ. Стараславянскае – БРЪГЪ. Агульнаславянскае – BERGЪ (бераг). Індаеўрапейскае – BHERG- (высокі, гара, скала). Слова БЕРАГ вядома са старажытнарускай эпохі (у помніках літаратуры – з XI ст.) – паўнагалоснае запазычанне са стараславянскага, дзе БРЪГ узыходзіць да агульнаславянскага BERG і далей – да індаеўрапейскай асновы BHERG' HOS – ‘высокі’, ‘гара, скала’. Індаеўрапейскае паходжанне пацвярджаецца існаваннем аналагічных слоў у іншых мовах: старажытнанямецкае BERG, ісландскае BJERG, кельцкае BRIG – ‘гара’, старажытнаангельскае BEORG – ‘гара, узгорак, курган’ і інш.

Паводле версіі А. Трубачова ў адносінах да тапоніма БЕРАЗАНЬ, БЕРАЗАНТ – ʻвысокіʼ. З XVI ст. выказваюцца меркаванні аб магчымай сувязі назвы Дняпроўскай Бярэзіны са старажытнагрэчаскай назвай р. Дняпро – БАРЫСФЕН. Спрэчкі ўзнікаюць галоўным чынам пра тое, які з гэтых двух патамонімаў першасны. Акадэмік Б. Рыбакоў упэўнены, што старажытная назва БАРЫСФЕН захавалася ў сучаснай назве Бярэзіна. Назву БАРЫСФЕН лічаць іранскай – ‘шырокае месца’, ‘высокае месца’; альбо ў БАРЫСФЕН – ‘вялікая паўночная рака’.

Неабходна прыгадаць і іншыя старажытныя назвы – БАР, ВАР, ВАРУХ – Бярэзіна і Дняпро ніжэй сутоку з Бярэзінай – ‘вялікая вада’; некаторыя лічаць, што ад ВАРУХ пайшла і назва ВАРАГІ. М. Фасмер ставіў пад сумнеў гэтую версію аб характарыстыках Барысфена, бо людзі ў старажытнасці не мелі дакладных звестак аб верхняй і сярэдняй плынях Дняпра. Ускозным доказам грэчаскай версіі можа служыць супадзненне з назвай вострава Беразань-Барысфеніда каля вусця р. Дняпро. Усе беларускія рэкі з назвай БЯРЭЗІНА знаходзяцца сярод леса – балотных краявідаў, таму можна меркаваць, што ў назвах прысутнічаюць геланімічныя асновы БАР- / БЯР-, хаця не выключаецца ўплыў латышскай асновы BIRŽE – ‘бярозавы гай’.

Украінскія патамонімы Беразанка і Беразань паказваюць, што назвы Беразіна могуць быць занесенымі гелонскімі, ілірыйска-фракійскімі, г. зн. старажытнаеўрапейскімі. Назва па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, балцкая, але з гэтым пагадзіцца цяжка, тым больш, што ў назве індаеўрапейская аснова і старажытнаславянскі фармант -ІНА.

9. ВАБІЧ, рака, у Круглянскім, Шклоўскім і Бялыніцкім р-нах, левы прыток р. Друць. Варыянтная назва – БАБІЧ. 1) Малаверагодна паходжанне ад тэрміна са значэннем ‘прывабны, прыгожы’, ад славянскага, на думку У. Топарава і А. Трубачова, VABITI. 2) Малаверагодна версія паходжання ад літоўскага VABALAS ‘жук’. 3) Тэрмін ВАБА ўжываецца ў значэнні ‘водны край’, ‘рачны край’; ВА- – ‘вада’, ВАД- у фіна-угорскіх тэрмінах часта выступае ў значэнні ‘лясное возера’. 4) Патамонім складаецца, на думку А. Рогалева (1999) з двух кампанентаў: ВАБ – (фанетычны варыянт ад ОБ – са значэннямі ‘вада’, ‘рака’) і -ІЧ (зараз успрымаецца як фармант, а ў старажытнасці гідранімічны тэрмін са значэннямі ‘вада’, ‘крыніца’. ВА- (або В- прыстаўное, з гідранімічным зместам) – ‘балота’ або ‘рака’, або БА- ‘дрыгва’; ОБ – ‘вада, рака’, ‘балотная вада’ (магчыма метатэза).

Некалькі асноў са значэннем ‘вада’, ‘балотная вада’, як бы падкрэсліваюць значэнне і галоўнай ракі, і яе прытокаў у дрэнаванні тэрыторыі. 5) І. Яшкін прыводзіць беларускі геаграфічны тэрмін БАБА – ‘дрыгва’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая, але фарманты –ІЦ / -ІЧ – славянскія, ды і аснова, больш верагодна, старажытнаеўрапейская або інда-іранская.

10. ВЕПРЫНКА, рака, у Клічаўскім і Кіраўскім р-нах, бас. р. Друць. Версіі назвы: 1) заанімічная, мясцовая – ад назвы дзікага кабана – вепра (лат. Sus scrofa), як ‘дзікая рака’. Але ж назва гідранімічнага паходжання: 2) індаеўрапейскі (інда-іранскі) корань -ПР-, як і ў назвах Непер, Непр, Днепр, у значэнні ‘балоцістая рака, з вытокам з возера, балота’; ПЕРА – ‘балоцістае месца’, ПР- ‘ручай’, ‘рака’. Назва германская або інда-іранская.

11. ВІЛЕЙКА, рака, у Чавускім р-не, левы прыток р. Раста.

Варыянтная назва – ВІЛЛЕ. ВІЛЕЙКА, рака, у Аршанскім і Шклоўскім р-нах, бас. р. Дняпро. Гідронімы з коранем ВІЛ- ёсць і ў басейнах Дзясны (Украіна) і Прыпяці – іх польскі лінгвіст Ежы Налепа адносіць да балцкіх. Я. Астрэмбскі (Jan Otrębski) выводзіць назву Віліі Нёманскай ад літоўскага VILNIS ‘хваля’. Але нельга выключаць сувязь і з фінамоўнымі асновамі (р. Віленка ёсць у басейне паўночнай р. Анегі) ВЕС- / ВЕТ-, ВЕСІ- / ВЕЦІ-. Корань ВІЛ- / ВЕЛ- / ВЯЛ- гідранімічны – ‘вада, рака’, ‘рака забалочаных мясцін’. Найстаражытнейшы агульнаіндаеўрапейскі або праіндаеўрапейскі гідранімічны корань ВІЛ- і славянскі дэмінутыўны фармант – КА.

12. ВІХРА, рака, у Смаленскай вобласці Расіі і Мсціслаўскім р-не, правы прыток р. Сож. Варыянтная назва – ВЕХРА. Версіі паходжання: 1) Ад ВІХУР – шмат выгінаў-лук, меандраў, звілін. 2) Комі ВІС- – ‘пратока’, венгерскія ВІЗ-, ВІЗС-, ВІЗАР – ‘водны струмень. 3) Беларускія народныя геаграфічныя тэрміны ВІХОР, ВІХРАВІНА – ‘глыбокае месца на рацэ, вір’. 4) Іранскі HAR- ‘цячы’; ВІ- / ВЕ- звязаны з індаеўрапейскім *VOI- ‘звілістая’. 5) Он-лайн слоўнік М. Фасмера выводзіць патамонім Вехра ад таражытнанямецкага WISURA, WISURAHA, лацінскага VISURGIS. Назва інда-іранская.

13. ГАЛУБАЯ, крыніца, у Слаўгарадскім р-не, бас. р. Сож, помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Варыянтная назва – БЛАКІТНАЯ, больш старыя назвы – СІНІ КАЛОДЗЕЖ, СІНІ КЛЮЧ. Характарыстыка глыбіні і коллеру. Назва старажытнаеўрапейская.

14. ГРЭЗА, рака, у Магілёўскім і Быхаўскім р-нах, левы прыток р. Друць. 1) А. Манакоў прыводзіць латышскі тэрмін GRIEZ – ‘круціцца, вярцецца’, які характарызуе рэчышча гэтай ракі – з вірамі, лукамі (мае больш за 50 заваротаў). А. Рогалеў (1999) вылучае часткі ГР- (перадача гукаў ракі) і -ЕЗ(А) ‘прыток, пратока’. З тлумачэннем А. Рогалева першай часткі пагадзіцца немагчыма, а другая частка -ЕЗ-/-ЭС- адпавядае значэнню ‘вялікая пратока, рака’. Галоўны прыток – р. Езва. 2) ГРАЗЬ – ‘балота, дрыгва’, ад славянскага дзеяслова ГРЯЗЪТИ – ‘тануць, вязнуць, пагружацца’ (звязана з тэрмінам ГРУЗ, GROZЬ), славенскія GRÊZ, GRÉZA ‘ціна, дрыгва, глейкі, глыбокі бруд’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая, але больш верагодна, славянская, а яшчэ можа быць кельцкай.

15. ДАБАСНА, рака, у Кіраўскім, Жлобінскім і Рагачоўскім р-нах, правы прыток р. Дняпро. Варыянтныя назвы – ДОБЫСНА, ДУБОСНА, старажытная – ДУБОСНА. Мясцовая этымалогія выводзіць ад Доб-а-сна, як пажаданне дабранач, ‘добрага сна’. Вядомае імкненне параўноўваць з балцкім DOBILAS – ‘канюшына’ не сур’ёзна. В. Жучкевіч (1974) бачыць сувязь з літоўскім DAUBA – ‘яр, лагчына’, Р. Аўчыннікава (2015) з DUBURYS – ‘паглыбленне, вомут’. Старажытная форма ДУБАСНА: корань ДАБ-/ДУБ- ад іранскіх DYBROYS – ‘балота, багністае месца’, DUBRA – ‘балота, гаць ў лесе’, DOBRUN ‒ ‘вада’, *DOB- – ‘глыбокі’, -SNA ‒ ʻбалота, грязкая вадаʼ, ʻцячыʼ, старажытнаіндыйскі ŚNA- ‘пракалываць, удараць’ (фармант СНА сустракаецца не толькі ў балцкіх, але і ў паўночнаеўрапейскіх патамонімах, напрыклад, у нарвежскай Вефсна). ДУБ-/ДОБ- ад індаеўрапейскай асновы DЪBЪ – літоўскае DUBUS — ‘глыбокі’, нямецкае TIEF (тое ж самае) і старажытнаславянскае Д' БНО, з якога затым атрымалася ДНО, многія геаграфічныя назвы з літараспалучэннем ДУБ, зусім не звязаны з дрэвам, а ў значэннях ‘глыбіня’ або ‘дно’. Назва ракі ў значэннях ‘глыбокая’, ‘рака ў глыбіні леса, балота’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая, але не выключаем, што інда-іранская.

16. ДЗЕБРА, ручай у г. Магілёве, правы прыток р. Дняпро.

Патамонім можна тлумаць з некалькіх пазіцый. Версіі значэння патамоніма: 1) характарыстыка даліны – ‘невялікі лес’, ‘густы лес’; 2) у значэнні ‘глыбокі яр, лес, даліна, паток у цясніне, роў’. Сапраўды, ручай мае глыбокую даліну. Назва можа быць звязана са старажытнай індаеўрапейскай асновай DHEUBH – ‘глыбокі’; 3) корань ДЗВ- / ДЖ- / ДЗ- адпавядае паняццю ʻвада (што рухаецца), ракаʼ, ʻвялікая вада, ракаʼ, ʻспакойная, ціхаяʼ. Назва найстаражытнейшая агульнаіндаеўрапейская або праіндаеўрапейская.

17. ДНЯПРО, рака, у Расіі, Беларусі (600 км), Украіне, бас. Чорнага мора. Варыянтныя назвы – ДНІПРО, СЛАВУЦІЧ (Украіна), ДНЕПР (Расія), у старажытнасці ВАР, ВАРУХ, БАРЫСФЕН, ДАНАПРЫС. Канструкцыя патамоніма: ДН- + -ПР-. Версіі этымалогіі: 1) Інда-іранская назва ў значэнні ‘рака’, Д(А)Н-‘рака, вада’, ДАН-/ДН- персідскае DĀN – ʼзахавальнікʻ, кельцкае DĀN – ʼвада, ракаʻ, кельцкая Багіня-маці, багіня вады ДАНУ + ПР-/ПЕР- ад *APR – ‘струменне’, у старажытнаіндыйскай PRÁTHAS – ʻшырокіʼ. Паводле В. Абаева, скіфская DAN-APR (Δαναπρις) – ‘рака глыбокая’, ĀPR ‘глыбокі’ [32]. 2) Кельцкі ДОН-/ДН- ‘вада’ (і Днепр, і Днестр), DON-IEPER ‘верхняя рака’, DON-IESTER – ‘ніжняя рака’. 3) М. Гімбутас лічыць, што патамонім фракійскі. 4) Балцкая версія: на латышскай мове DUNAS – ‘іл, бруд’. 5) Славянская версія: ДН – ‘дно’, ДНО – літаральна ‘ніз, упадзіна’. 6) Цюркская версія: ад ДЫНПОРЫС, ТЫН ‘ціхі’, БОРЫС ‘пакручасты’. Назва найстаражытнейшая агульнаіндаеўрапейская або праіндаеўрапейская.

18. ДРУЦЬ, рака, у Талачынскім, Круглянскім, Бялыніцкім, Магілёўскім, Клічаўскім, Быхаўскім, Рагачоўскім р-нах. Гідронімаў з элементам ДР- у Еўропе вялікая колькасць. Найбольш вядомыя: Одра ў Чэхіі, Германіі і Польшчы; Одра ў Харватыі (прыток р. Купа); Одра ў Іспаніі; Драва ў Польшчы і Германіі, Драва ў Харватыі і Сербіі, а яшчэ дадаць сюды беларускія Дрыса, Друць і інш. 1) Этнонім – ад плямён адрысаў, абадрытаў. 2) У. П’яноў (2005) спрабуе звязаць назвы з дзеясловам ДРАЦЬ, ад індаеўрапейскага DER ‘драць’, 3) Ад грэчаскага апелятыва ΟΔΟΣ – ‘шлях’, ‘водны шлях’. 4) Ад лацінскага ADU, АDRO – ‘водны струмень’. 5-6) Ад старажытнаеўрапейскага UDOR або UDOS – ‘вада’, бо вядома сярэднявечная назва Віадрус; ад індаеўрапейскага DREU- / DRU – ‘моцны, цвёрды’, цвёрды як дуб, ‘з галінамі, як ў дрэва’, бо і басейны рэк падобны на крону дрэва. 7) На санскрыце DRAVATI – ‘бегчы, струменіцца, цячы’, а такжа ‘драць, прадзірацца’, яшчэ санскрыцкае DRU- – ʻісці, бегчыʻ. 8) Ад кельцкіх DERVO – ‘дуб’, PHEDER – ‘балота’, напрыклад, назвы і р. Одра і р. Друць – DRUENTIA; р. Друенцыя ёсць і на поўдні Францыі (‘французская Друць’). 9) Геамарфалагічная версія выводзіць назвы ад старажытна-славянскага ОДР – ‘ложа, ложак’, г. азн. у значэнні ‘ложа ракі’ – ‘рэчышча’, якое ‘прадрана’ вадой. 10) Ад літоўскага DRUTAS – ‘моцны, сільны’. Падсумуем: усе гэтыя версіі зводзяцца: корань ДР- звязаны з праіндаеўрапейскім *DROWO-S, інда-іранскім DREU- / DRU- – ‘моцны, цвёрды’, на санскрыце DRAVATI – ‘бегчы, струменіцца, цячы’ (Дрыса – кельцкая *DRUISSA), на санскрыце DRU-, DRAVATI – ‘бегчы, струменіцца, цячы’, старажытна-славянскае ОДР – ‘ложа, ложак’ (‘рэчышча’). DR- ‘балота’, ‘возера’, лацінскія ADU, АDRO – ‘водны струмень’, старажытнаеўрапейскі UDOR- ‘вада’, старажытна-славянскі ОДР – ‘ложа, ложак’ (‘рэчышча’), з асновай DER ‘драць’. Корань ДР- прадуктыўны ў балцкіх, германскіх, старажытнаеўрапейскіх гідронімах. Першапачаткова DR- адносілася да абазначэння дрэва, а потым перайшло на абазначэнне рэк, бо малюнак рэк у рачной сістэме вельмі нагадвае кроны дрэў, як дрэвы прадзіраюцца ў лесе да сонейка, так і рэкі прабіваюць свае рэчышчы на паверхні зямлі. Аснова ДР- інда-іранская, або кельцкая DRU-, элемент УТ- звязаны з *UCH, *UT ‘вада’, УЦЬ-, верагодна, ірана-фіна-угорскі элемент – ‘вада’, але вось па меркаваннях Р. Аўчыннікавай (2015), балцкага паходжання ў значэнні ‘возера’, але, вядома, удмурцкая Уць – ʻпарог на рацэʼ. Назва яшчэ можа быць указаннем на Палярную зорку. Друць, па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая, але гэта назва кельцкая асіміляваная балтамі.

19. ДУБРАВЕНКА, рака, у Магілёўскім р-не, правы прыток р. Дняпро. З берагоў гэтай ракі пачаўся Магілёў. Аснова ДУБР-, элемент -АВА – ‘вада’ і дэмінутыўны фармант -ЕНКА. Малаверагодна, што элемент ДУБРАВ- з’яўляўся фітанімічным і звязаны з апелятывам ДУБРАВА. Літоўскі тэрмін DUBURAS ‒ ʻяма, упадзіна; глыбокіʼ; ʻвір, западзінаʼ; латышскі DUBRAJAS – ʻбалота, топкае месцаʼ, што супадае па значэнню з кельцкім і германскім DUBRO (DUBRON) ‒ ʻвадаʼ. ДУБ- ад індаеўрапейскай асновы DЪBЪ – літоўскае DUBUS – ‘глыбокі’, старажытнаславянскае ДЪБНО, з якога затым атрымалася ДНО, многія геаграфічныя назвы з літараспалучэннем ДУБ, зусім не звязаны з дрэвам, а ў значэннях ‘глыбіня’, або ‘дно’. Назва ў значэннях ‘глыбокае’, ‘у глыбі леса, балота’. Гідронім старажытнаеўрапейскі, асіміляваны славянамі.

20. ДУНАЁК, ручай, на поўдні г. Магілёва, левы прыток р. Дняпро. Назва славянская. 1) Праславянскае *DUNAJЬ, якое паводле меркаванняў звязана з гоцкім DŌNAWI, кельцкім DĀNUVIUS, кельцкае Danu – ´імклівы, бурны, хуткі´. Я. Развадоўскі выказаў гіпотэзу, што пад назвай *DUNAJЬ славяне з самага пачатку разумелі Дняпро, К. Машынскі падтрымаў гэтую версію пераноса. Т. Лер-Сплавінскі (1946) указваў, што назваў Дунай і вытворных ад яго М. Фасмера запазычана праз даволі шмат на славянскіх землях, лічыць, што славянскае *DUNAJЬ ‘вялікая вада’, звязана з праіндаеўрапейскім *D H OUNĀ. Гэтыя высновы праігнараваны не толькі У. Топаравым і А. Трубачовым (1962), але і аўтарамі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, верагодна толькі на той падставе, што латышскі DUNAS – ‘іл, бруд’, з чым немагчыма пагадзіцца, тым больш, што балты назву пазычылі ў славян. У І. Яшкіна (2005) ДУНАЙ – ‘часовы вадаём, які ўтварыўся ў час дажджу або разліва ракі’ (гэту акалічнасць узгадваў і В. Жучкевіч), ДУНОВІНА – ‘дрыгва’. Праіндаеўрапейскія *D H OUNĀ, *DĀNU, авестыйскі DANU- ‘вадкасць, якая сочыцца’, асецінскі *DON ‘рака’, кельцкае DĀNUVIUS ‘рака’, з кельцкай назва перайшла ў лацінскую, гоцкую (DONAWJ, DŌNAWI). У славян ДУНАЙ: харвацкае DȕNAJ, славенскае DUNAJ, чэшскае DUNAJ; польскае DUNAJ ‘глыбокая рака з высокімі берагамі’. Са славянскай запазычана ў літоўскую DUNAJĖ, латышскую DUn̨AVAS – ‘рачушка, крыніца’.

21.ІПУЦЬ, рака, у Магілёўскай, Смаленскай, Бранскай, Гомельскай абласцях, левы прыток р. Сож. ІП- + -УЦЬ. Патамонімы з асновай УЦЬ- / УТ- распаўсюджаны ад Беларусі да Далёкага Усхода: Ута (Вата) – у Чувашыі, Ута – у Хабараўскім р-не; Ута – прыток р. Об, Ут – дзве ракі ў Свярдлоўскай вобласці, Вуць (Уть) – ва Удмурціі і г.д. Ірана-фіна-угорскі – -УТЬ / -УЦЬ і старажытнаеўрапейскі –УЦЬ / -УТ- – ‘вада’ звязаны з *UIS- ‘вада, рака’. Назва інда-іранская.

22. КАМЕНКА, рака, у Горацкім р-не, правы прыток р. Быстрая. З такой назвай яшчэ 10 рэк у вобласці. Назва – характарыстыка дна, берагоў. Агульнаславянскі тэрмін КАМЕНЬ, звязаны з індаеўрапейскімі *KĀMEN-, *AKMEN-, з літоўскім AKMUÕ, -ЕÑS ‘камень’, старажытнаіндыйскімі ÁC̨MĀ ‘камень, скала’, AC̨MARÁS ‘каменны’, авестыйскім, старажытна-персідскім ASMAN- ‘камень’; індаеўрапейскае КАM-/КОM- ‘даліна’, удмурцкае КАМ- ‘рака’, ‘струмень’. Увогуле, існуе семантычная еднасць паняццяў КРЫНІЦА – ВОКА – ШКЛО – КАМЕНЬ. Назва інда-іранская.

23. КЛЯВА, рака, у Бялыніцкім і Бярэзінскім р-нах, левы прыток р. Бярэзіна. У старадаўнія часы Клява – назва р. Ольса (Ольса разглядалася як рукаў Клявы). Канструкцыя гідроніма: аснова КЛ- і фіналь -АВА (-ЕВА, -ЯВА – ‘вада’). 1) В. Жучкевіч спрабуе тлумачыць гідронім як фітатапонім – ад літоўскага KLEVAS – ‘клён’. Балцкай версіі прытрымліваюцца і У. Топараў, А. Трубачоў. 2) Праіндаеўрапейскі элемент *КЛ- ‘рака, даліна’, ‘лука ракі’, КЛ- ‘рачны паўвостраў’, праіндаеўрапейскае *ḰLOU̯Ǝ- ‘амываць, ачышчаць’, старажытны корань *KLAU – ‘крук’, KOL-, *KAL-, *KEL- ‘гнуць, круціць, вярцець’.

Яшчэ вядомы праіндаеўрапейскі корань *ḰLEU̯ ‘гаворка, вядомасць’, ‘чуць, слухаць’. 3) Геланімічная версія – ‘тапіла, дрыгва, балота, поймавы луг, вялікая лужая лужа’; А. Манакоў (2008) прыводзіць латышскі апелятыў KLAJS – ‘адкрыты’, А. Рогалеў (1999) літоўскі KLIOKE – ‘вязкая гразь’. 4) Фіна-угорскі КЛ- – ʻбалотнае возера, балотны паток, струменьʼ, мансійскае KEL, хантскае KAL – ‘балота’, удмурцкі – ВА – ‘вада’. Рака Клява цячэ і ў Мардовіі. 5) Э. Мурзаеў (1984) дае адзін з варыянтаў апелятыва КЛЯВА / КЛІВА ‒ ʻгара, вяршыня, пагоракʼ над вадой, край лесу, ʻвысокі і густы ельнікʼ. І. Яшкін (2005) прыводзіць тэрмін КЛАЎКА – ‘пагорак, узвышша’. 6) Дапускаем чаргаванне гукаў КЛ- ад СЛ-/СЕЛ-, СЛ- звязаны з тэрмінамі фінскім SALMI – ‘праліў’, прускім SALUS – ‘дажджавы ручай’. 7) *КЛ- індаеўрапейскі корань *KLEU- ‘цячы, амываць, ачышчаць’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая, але можа быць і фіна-угорскай, і старажытнаеўрапейскай.

24. ЛАХВА, рака, у Шклоўскім, Магілёўскім і Быхаўскім р-нах, правы прыток р. Дняпро. *LОНW /*LОН O – ‘ліць’, кельцкае, ірландскае ЛОХ – ‘возера’ (рака выцякае з возера), старажытнагерманскае AHA, гоцкае AHWA – ‘вада, рака’. Назва германская.

25. ЛЕНА, рака, у Чэрыкаўскім і Крычаўскім р-нах, левы прыток р. Яленка. 1) Фіна-угорскае значэнне назвы ‘леса-балотная рака’, ‘вільготная’. 2) Балцкая аснова ЛЕН- ‘даліна, лагчына’, ад літоўскага LENKE. Магчыма і сувязь з латышскім апелятывам LEN – ‘павольны, ціхі’. 3) Л- адпавядае руне L – LOGR – ‘вада’. Назва можа быць фіна-угорскай у значэнні ‘леса-балотная рака’, ‘рака, у забалочанай даліне’, і старажытнаеўрапейскай.

26. ЛЮБУЖ, ручай у Магілёўскім р-не, левы прыток р. Дняпро. Выцякае з балота з крыніцамі, працякае праз Ніжнялюбужскае і Верхнялюбужскае азёры, ур. Тысяча крыніц. 1) ЛЮ- + -БУЖ; *LU- ‘вада’, БУЖ- літоўскае BUZA ‘вадкая кашыца, буза, твань’, старажытнаеўрапейскі, дакладней, кельцкі БУГ-/БУЖ – ʻбагна, балотаʼ, ‘вада’, ‘крыніца’, старажытнаіндыйскі тэрмін BHŌGAS – ʻвыгінʼ. 2) ЛЮБ- + – УЖ; ЛУБ- / ЛЮБ- – ‘праточная, забалочаная’, ‘выток з возера, альбо балота’; ‘высокае месца’, ‘пагорак’, ‘выток з крынічнага месца’, ‘крынічнае’, UŽ сувязь з *OŽ, *OSH, *OS ‘рака’. Патамонім старажытнаеўрапейскі, верагодна, кельцкі.

27. ЛЮТНЯ, рака, у Клімавіцкім р-не, левы прыток р. Бязвусця. Варыянты тлумачэння назвы: 1) Экзаэтнонім люцічаў (саманазвы вільцы, вялеты, ваўкі) ад праславянскага *LUTITJI – ʻлютыя, злыя, жорсткія, суворыяʼ. 2) Старажытнаславянскае ЛЮТЫ – зімні месяц, ʻлюты, злы, жорсткі, суворыʼ, ʻмарозны, халодныʼ. 3) Этымалагічная сувязь ЛЮТ- з коранем ЛУГ-, напрыклад, расійская р. Люта сцякае з Лугскага ўзвышша (эстонскае LOUGAS ‒ ʻбалоцістая мясцовасцьʼ, ʻпаглыбленне, яма, лужаʼ; праславянскае *LOUGI̯ā, латышскае LUGА – ʻбалоцістая жыжа на возерыʼ, літоўскае LIŪ̃GAS ʻдрыгваʼ). У кельцкай LUG: ʻлуг, лугавая расліннасцьʼ, Бог Луг ‒ заступнік лугоў (асціонімы Луцк, Ліон, Лондан), Бог, які можа ператварацца ў ворана (LUGUS, святая птушка Бога Луга); у ілірыйскай (кельта-ілірыйскай) *LUGĀ – ʻбалотаʼ, у албанскай LЁGАTЁ – ʻлужа, балотаʼ. Т. Лер-Сплавінскі лічыць назвы з коранем ЛЮТ- кельцкімі. Верагодна, корань звязаны з найстаражытнейшым агульнаіндаеўрапейскім або праіндаеўрапейскім коранем ЛІТ- ʻліццаʼ, ʻвадаʼ. Назва старажытнаеўрапейская (фармант -НЯ).

28. МАЛАСТОЎКА, рака, у Краснапольскім р-не, левы прыток р. Тур’я. На ёй было заснавана мяст. Маластоўка (з 1784 г., зараз г. п. Краснаполле, якое атрымала назву ад маёнтка Краснаполле). 1) Характарыстыка ракі – незначная даўжыня (12 км), МАЛ- ад праіндаеўрапейскага *SMAL- /*MAL- ‘малы’, у больш канкрэтным значэнні ‘прыток’. 2) Корань МАЛ- ‘мох’, ‘балота’. 3) Германская аснова MULDE ‘лагчына’, старажытны корань MOL- ‘цячэнне’, *ST- ‘плясці’, ‘звязваць’. Назва германская, але асіміляваная славянамі (фармант -ОЎКА пшэворскі).

29. МЕРТВА, рака, у Мсціслаўскім р-не і Смаленскай вобласці Расіі, правы прыток р. Віхра. Магчымыя версіі патамоніма наступныя: 1) Мясцовая народная версія ад характарыстыкі струмення – спакойнага, ‘мёртвага’. 2) Балцкая версія: МЁР- ‘мёртвы’, ‘спакойны’.

3) Фіна-угорскія элементы МЕР-/МАР- ʻмохавае балотаʼ – рака мае выток з лясной забалочанай азярыны (JARVI – ‘возера’). Каля в. Кураўшчына Манастырскага р-на Расіі рака цячэ ў вузкай даліне (эстонскае KURU ‒ ʻрачная затока, вузкі праток ракі, завадзьʼ, фінскае KURA ‒ ʻгразь, зольʼ, пры ўпадзенні ў р. Віхра ўтварае завадзь). 4) Назва германская, на карысць гэтай версіі і назва прытока – р. Княгіня.

5) Назва мае старажытнаіндаеўрапейскую гідранімічную аснову MŌR – ʻстаячая вадаʼ, ʻбалотаʼ, што можа адлюстроўваць і ўмовы вытока і вусця; назва прытока р. Cмародзінка – старажытнаеўрапейская. Патамонім германскі або старажытнаеўрапейскі.

30. МЯРЭЯ, рака, у Горацкім і Дубровенскім р-нах, левы прыток р. Дняпро. Выток і вярхоўі ракі забалочаныя. Цячэ праз возера Мярэя (у аг. Леніна, раней – Раманава), знаходзіцца ў сэрцавіне старажытнай гістарычнай вобласці Мярэцічы з в. Мярэя (адгідранімічная назва). Акрамя гідроніма Мярэя, вядомы тапонімы Мярэічы, Меркі, Мёры – раней называліся Мярэя, рака і ручай Мрай у Барысаўскім р-не.

Існуюць некалькі версій паходжання патамоніма. Адна з іх этнанімічная, ад племя меря, праўда, больш вядомая лакалізацыя племя каля расійскага г. Галіч, на р. Мера, у Волга-Окскім міжрэччы. Часцей за ўсё этнонім мера выводзяць ад прафіна-угорскага МЁРІ – чалавек, такое ж тлумачэнне ў блізкіх народаў – мары – марыйцы, морт-комі – комі, морт-вуд – удмурты, морт-ва – мардва. Шэраг навукоўцаў (М. Фасмер, С. Сямёнаў, С. Кузняцоў і інш.) атаясамляюць меру з мары (марыйцамі). Б. Каліндэр і П.Хайду лічаць абодва этнонімы старажытнымі запазычаннямі з мовы стэпавых індаіранскіх культур: старажытна-персідскае MĒRAK‎ “малады чалавек”, старажытна-індыскае MÁRYAH “малады чалавек, юнак”, авестыйскае MARYA – “юнак”. Звычайна даследчыкі лічаць меры фінскім племем. Але В. Сядоў лічыў мерв нашчадкамі славянскіх перасяленцаў сярэдзіны І-га тысячагоддзя з Цэнтральнай Еўропы. Ён выкарыстоўваў этнонім мера для агульнай назвы змешанага славянска-фінскага насельніцтва (меранская культура) другой паловы 1-га тысячагоддзя н.э. Іншыя версіі: 1) ад рачных волакаў: МЕР-/ МЁР-; на паўночны захад ад р. Мярэя цячэ р. Перавалочка, 2) бродаў (МЕР-), 3) забалочаных умоў: *MŌR – ʻстаячая вадаʼ, ʻбалотаʼ; хецкае MAMMARA – ‘балота, парослы вадаём’; іранскае – ‘смерць’; старажытнаанглійскае MERISC – ‘балота’, прускае MARRI – ‘затока’; М(А)Р- указвае на вадаток у леса-балотнай мясцовасці; МЕР – ‘балота, гушчар’. Фінскія назвы кшталту МЕРКА, МЯРКА выкарыстоўваюцца ў значэнні ‘гнілы’. Фармант – ЭЯ можа быць фіна-угорскім, але і балцкім. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва фіна-угорская, але больш верагодна, балцкая, старажытнаеўрапейскай (ЭЯ – ‘праточная вада’).

31. НЯМІГА, рака, у Бялыніцкім р-не, правы прыток р. Клява, бас. р. Бярэзіна. Выцякае каля в. Заазер’е, з якой звязваюць старажытны г. Гарадзец, які ўзгадваў В. Тацішчаў у сувязі з бітвай на Нямізе 3 сакавіка 1067 г., у якой атрымаў паразу Усяслаў Чарадзей. Варыянтныя назвы – УСЯСЛАЎКА, УСЛАЎКА. Назва інда-іранская.

32. ОЛЬСА, рака, у Бярэзінскім, Клічаўскім і Кіраўскім р-нах, левы прыток р. Бярэзіна. У старажытнасці, верагодна, рукаў р. Клява; на радзівілаўскай карце 1613 г. не пазначана. 1) Назва ўспрымаецца як фітатапонім ‒ ад назвы пароды дрэва АЛЬХА/ АЛЁС, якое расце ў вільготных месцах ‒ алёсах / вольсах. І. Яшкін (2005) прыводзіць тэрмін ВОЛЬС – ‘нізінны альховы лес’, агульнаславянскае VOLSЪ звязана са старажытнаіндыйскім VALSAH – ‘адростак, галінка, адводак’. 2) Сувязь з балцкай формай *Alsà, вядомы літоўскія рачныя назвы тыпу Alsa, Alsė, Alseta, Alsinta, Als-upis, латышская Alsava; ад балцкага ‘альховага’ кораня als- (els-), ад якога літоўскае alksnis, elksnis, латышскае elkSHnis, alkSHņa ´вольхА́. Далей да індаеўрапейскага el-, ol- ´чырвоны, рудЫ́. 3) Фіна-угорская аснова ALHO – ‘балота, нізіна’, комі ВОЛ-/ОЛ- ‘ручай, пратока’, у комі-пермяцкай мове ОЛЬСА – ‘балоцістая мясцовасць’. 4) Індаеўрапейскі OL- – ʻмокрае, затарфаванае месца’, ‘піццё, вада’, -СА ад *SEU – ‘цячы’. Назва, па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, найстаражытнейшая агульнаіндаеўрапейская або праіндаеўрапейская.

33. ПАЛЫКАВІЦКАЯ, крыніца, у Магілёўскім р-не, бас. р. Дняпро, гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння, на ўскраіне г. Магілёў. Гідронім ад камоніма Палыкавічы (вядомы з 1552 г.).

34. ПАРОСІЦА, рака, у Горацкім р-не, левы прыток р. Проня. Адна з галоўных рэк ў старажытнай гістарычнай вобласці Басея (Васея)–Папронне з вялікай колькасцю старажытных населеных месц. Назвы з коранем РАС- / РОС- звычайна выкарыстоўваюцца для патамонімаў у значэннях ‘рака з рудай вадой, з балотнай вадой’, ‘рака-балацянка’. РАСА у інда-іранскіх мовах ‘вільгаць, рака’. ПА- можа выступаць прэфіксам-арыенцірам у значэнні ‘прыток (Проні)’. ПРОНЯ = РАСА/РОСА. Назва інда-іранскага паходжання, асіміляваная славянамі (фармант -ІЦА, ‘струмень’, ‘рака’).

35. ПРОНЯ, рака, у Дубровенскім, Горацкім, Дрыбінскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах, правы прыток р. Сож. Старажытныя назвы – ПРУПА, ПРУПОЯ, ПРОПАНЬ. Падобныя гідронімы ёсць у Расіі – р. Проня ў Разанскай, Тульскай, Цвярской, Разанскай абласцях. Існуе немала версій паходжання назвы. 1) Тэонім – ад Бога Прона, Прове, Проно балтыйска-славянскай міфалогіі. Звязаны са святымі дубамі, лясамі і гаямі, дзе і шанаваўся падчас свят, якія праводзіліся ў другі дзень тыдня жрацом. Не выключана, што адзін з эпітэтаў Пяруна – *PRAV – ʻправы, справядлівыʼ. Бог урадлівасці, як і Паравіт, ад *pora, “багацце, урадлівасць”, акрамя таго, Бог Правасуддзя (ад яго імя паняцці ПРАВА і ПРАВІЦЬ-КІРАВАЦЬ, ВЫПРАЎЛЯЦЬ), кіраўнік Свету і Вайны, Бог Прароцтва. Сувязь венедскімі ПРАНЕЦЬ – ʼпранізвацьʻ, ʼпранікацьʻ, ПРАВЕЦЬ – ʼдаведацца, адведацьʼ (адсюль і пропаведзь).

На змену Прове і Пяруну прыходзіць Ілля Прарок. 2) Ад легендарных першажыхароў дзяўчыны Басі і юнака Проня. 3) Ад хуткага цячэння, напрыклад, у чэшскай мове PRONÝ, PRUDKÝ – ‘хуткі’; 4) балцкая версія У. Топарава і А. Трубачова з эвалюцыяй назвы Проня – *ПРЁНА, *ПЬРЕНА-*PIREN-. 5) Фіна-угорская версія, сувязь з мардоўскім апелятывам ПРА- – ‘галава, вяршыня’ (‘выток вялікай ракі’, напрыклад, Сож становіцца айбольш прыдатным для суднаходства ад сутоку з Проняй). Цікавы факт: на енгерскай р. Іква (назва ілірыйская, кельта-ілірыйская) месціцца г. Шапрон. 6) Славянская версія. У І. Яшкіна ПРОПОЙ – ‘магутны вір пры ўпадзенні р. Проні ў р. Сож’ і ПРОПАСЦЬ – ‘глыбокае месца на балоце, у рацэ, возеры’. Сувязь з венедскім (праіндаеўрапейскім) ПРАНЕЦЬ – ʼпранізвацьʻ, што ўказвае на прарытыя водамі рэчышча, даліну. Назва можа быць фіна-угорскай, але больш верагодная, што даіндаеўрапейская, або старажытнаеўрапейская.

36. ПЦIЧ, рака, у Мінскай вобласці, Асіповіцкім, Глускім раёнах Магілёўскай, у Гомельскай вобласці, левы прыток р. Прыпяць. Канструкцыя: ПЦ- + -ІЧ. Версіі паходжання: 1) Балцкая – ад літоўскага PUTĖ – ‘птушка’, PUTIS, PUTYTIS – ‘пцянец’, латышскага PUTNS – ‘птушка’. 2) Старажытнаруская: ПЪТИЧЬ – ‘птушка’; да XV в. – назва Бчичь, Бдзіч, Пътичь, Бъчичь, Пець. 3) Корань ПЦ-/ПС-/ПЕТ-/ПЕЦ- – ‘вада, рака’ (фанетычны варыянт асновы ВС-/ВЕС-/ВІС-; фінскае VESI – ‘вада’), агульнаславянскі ПУЦЬ, балгарскі ПЪТ. 4) ПТ- *PT *PET ‘вільгаць’, ‘вада’, *IC, *VICH, *VIT – ‘вада’. Назва старажытнаеўрапейская.

37. РАДУЧА, рака, у Дрыбінскім, Чавускім р-нах, правы прыток р. Проня. На рацэ – п. Радучы, аг Радамля (сталіца радзімічаў; у 1527 г. быў замак). У санскрыце RATI – ‘спакой’, ‘радасць’, а RADATI ‘драпаць, ‘грызці’, што можа адпавядаць тэрміну ‘рэчышча’. РАД- ‘сухое месца на балоце’, ‘узвышанае месца’. Верагодна назва старажытнаеўрапейская.

38. РАСАМАХА, рака, у Краснапольскім р-не, левы прыток р. Сянна. Гідронім не можа быць заанімічным. 1) РАСОХА – ‘развіленне, адгалінаванне’: на поўнач ад старажытнай озавай грады выцякае р. Расамаха, а на поўдзень бягуць ручаі ў р. Палуж. 2) *RES-, *REZ- ‘гразкае месца’, у індаіранскіх мовах ‘вільгаць, рака’; кельцкае РУС-/РОС ‘возера’, старажытнагерманскае AHA, гоцкае AHWA, AǶA ‘вада, рака’. Назва германская.

39. РАСТА, рака, у Дрыбінскім, Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах, правы прыток р. Проня. 1) У. Топараў, А. Трубачоў прытрымліваліся балцкай версіі паходжання – літоўскае RIESHUTIS, латышскае RIEKSTS -‘арэх’. Навукоўцы налічылі ў Падняпроўі каля 20 падобных назваў (Рэхта, Рэкта, Рэкша, Рышта; у Палессі РЭХ- РЭХТА - ‘прыток ракі’. 2) Корань РАС- можа ўказваць, што рака мае некалькі вытокаў (ручаёў, крыніц), прымае шмат прытокаў (РАССОХА), развіляецца, падзяляецца на два рукавы (сустракаюцца невялікія астравы). 3) Калі ўлічыць магчымасці метатэзы, то РАС- семантычна адпавядае аснове АРХ- / АРС- у значэнні ‘забалочаная’ (але не АРЭХ).

Вельмі часта гідронімы з апелятывам РАСА азначаюць у індаіранскіх мовах – ʻмачажына, топкае месцаʼ, ʻмокрае месцаʼ, ‘вільгаць, рака’; *RES-, *REZ- ‘гразкае месца’, кельцкае РАС ‘возера’. Звернем ўвагу на геланімічныя назвы прытокаў Расты – Рудзея, Будлянка, Хоцінка.

Суфікс -Т- магчыма паказвае на азёрны выток ракі. 4) Не выключаецца і сувязь з фіна-моўнымі асновамі, напрыклад, на комі мове РОЗ-/РОС- ‘уваход, шчыліна, дзірка’, а яшчэ РАС – ‘зарасці’, фіна-угорскі фармант -ТА. Назва або германская, як і назвы прытокаў – Будлянка, Хоцінка, – або старажытнаеўрапейская.

40. РУДЗЕЯ, рака, у Магілёўскім і Чавускім р-нах, правы прыток р. Раста. Славянская аснова РУДА – ‘аржавае балота, вада’. Літоўскія RUDUNAS, RUDYVNE ‘балота з чырванаватай вадой, якая ўтрымлівае жалеза’. Не выключана сувязь з іранскім РУД – ‘рака’ (старажытна-іранскае RAUTA – ‘рака’), са старажытна-індыйскім SRAV/SRUTA – ‘цячэнне’. Фармант -ЕЯ можа быць і балцкім, і фіна-угорскім, і старажытнаеўрапейскім, ЕЯ – ‘праточная вада’. Назва балцкая або старажытнаеўрапейская.

41. РЭКТА, назвы рэк у Быхаўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Хоцімскім, Чавускім, Чэрыкаўскім (2) раёнах. Іх сем і ўсё – на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, усе да 20 км даўжыні. 1) ‘Рачное месца’, ‘месца бягучай вады’ (ад апелятыва РАКА). 2) Па версіі М. Фасмера, ад дзеяслова РАКАТАЦЬ – ‘гучная рака’. 3) Іранскі РЭХТАН – ‘цячы, ліцца’, РЭХТА – ‘прыток ракі’, інда-іранскі РЭК – ‘мачыць, арашаць’, ‘дрэніраваць’, кельцкі RENOS – ‘рака’, нямецкм REICH – не толькі ‘царства’, ‘імперыя’, ‘дзяржава’, але і ‘шлях’, у дадзеным выпадку магчыма значэнне ‘водны шлях’. Назва кельцкая.

42. СВІСЛАЧ, рака, у Мінскім, Чэрвеньскім, Пухавіцкім, Асіповіцкім р-нах, правы прыток р. Бярэзіна. Гістарычныя назвы – ВІСЛАВІЦА, СВІРЛАЦ. Канструкцыі: 1) С- + ВІСЛ- + -АЧ; індаеўрапейскага паходжання аснова ВІСЛ- ‘плынь’. 2) СВ- + -(І)СЛ- + ‘дунайскі’ фармант -АЦ/-АЧ (балцкі -ОЧ па версіі У. Топарава і А. Трубачова ад балцкага AKIS ‘крыніца’. Я. Паспелаў (2002) лічыць, што пачатковае С- утварылася з прыназоўніка для пазначэння збегу (зліцця), на карысць чаго сведчыць ранняя форма гідроніма ВІСЛІВІЦА і ўжыванне прыметніка віслацкі. У 1697 г. стольнік П. Талстой указваў, што Мінск знаходзіцца на р. Віслівіца. У 1802 г. у Кароткім апісанні ўнутранага Расійскай імперыі вадаходства значыццца р. Свірлац (-АЦ ‘дунайскi’ фармант). Па версіі В. Жучкевіча (1974), назва ў значэнні ‘вільгаць, балота, разліў’. Па версіі Р. Аўчынікавай гідранімічны элемент СВ- супастаўляецца з фіна-угорскім геаграфічным тэрмінам САЎ – ‘выток з возера або балота’. Інда-еўрапейскае *SEU ‘вада, гнуць, круціць’, *SU ‘вада’. Патамонім старажытнаеўрапейскі.

43. СВЯТОЕ, возера. Назвы азёр на тэрыторыі г. Магілёва (ГРАБЯНЁЎСКАЕ), у Мсціслаўскім, Круглянскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім, Касцюковіцкім раёнах. На Беларусі азёр з такой назвай больш за 30, у Расіі больш за 50, на Ўкраіне – больш за 10. 1) Назвы не маюць дачынення да сакральнай назвы СВЯТЫ.

Можна пачуць, прачытаць у літаратурных крыніцах, што такія азёры бяздонныя, некалі ў гэтых мясцінах правалілася царква (касцёл) і можна пачуць званы, галасы вернікаў. Агульнаславянскае – SVETЪJЬ ‘святы’, ад індаеўрапейскага KUEN-TO – ‘святы, святочны’. 2) Назва – характарыстыка катлавіны: усе азёры глыбокія, СВ-/-СУВ- – ‘глыбокі’, карэльскі SYVÄ, фінскі SYVÄ, вепскі SÜVÄ, эстонскі SÜVA – ‘глыбокі’, большасць назваў фіксуецца ў арэале фіна-ўграў. 3) Назва – характарыстыка вады: старажытна-індыйскае C̨VĒTÁS ‘светлы, белы’, старажытна-індыйскі C̨VITRÁS ‘белы’, літоўскія SHVIẼSTI, SHVIẼCHIА ‘свяціць, зіхаціць’, SHVITĖ́TI ‘блішчаць, мігацець’. 4) Назвы гідранімічнага паходжання: аснова СВЯТ- ад СВ(А)- ʻвозераʼ, ʻвыток з возераʼ, індаеўрапейскія *SU ‘вада’, *SEU ʻвадаʼ, ʻгнуць, круціцьʼ. У германскіх мовах, англійскай, часта СВ- ‘тапіла, дрыгва, канава, нізкае месца’ Назвы старажытнаеўрапейскія.

44. СЕРАБРАНКА, рака, у Шклоўскім р-не, правы прыток р. Дняпро, Варыянтная назва – ЯЖОНА, ЯЗОНЫ. СЕРАБРАНКА, рака, у Мсціслаўскім р-не, правы прыток р. Віхра. 1) Гідронімы з асновай СЕРАБР- звычайна ўказваюць на празрыстую, бліскучую і чыстую ваду (анаталійскі тэрмін SUBAURO – ʻбліскучыʼ), старажытнаасірыйскае SARPU – ‘серп’, ад яго ў санскрыце тэрмін СЕРАБРО ‘светлы’. Агульнаславянскі тэрмін СЕРАБРО індаеўрапейскага паходжання: праславянскі *SЬREBRO, роднасныя літоўскі SIDÃBRAS, латышскі SIDRABS, гоцкі SILUBR. 2) Старажытнаеўрапейскі *SER- ‘плыць, цячы’, ‘струменне, цячэнне’, фіна-угорскі СЕР- ‘рака, ручай, талая вада’ (комі), ‘балота’,‘забалочаная рака’, САРА – ‘ветка, прыток, развілка’, персідскі АБ-/АБУ -‘вада, рака’, старажытнаеўрапейскі гідранімічны элемпент АН- / АНЬ- / ОН- / ОНЬ-. Назва ў значэнні ʻстарарэчча, старыкʼ. Вядомы украінскі тэрмін ПАСЕРБ – ʻпасынакʼ (можна разглядаць старык як пасынак ракі). Назва старажытнаеўрапейская, асіміляваная славянамі (фармант -АНКА).

45. СОЖ, рака, у Смаленскай вобласці Расіі, у Мсціслаўскім, Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім, Краснапольскім і Магілёўскім, у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці і па мяжы з Украінай і Расіяй, левы прыток р. Дняпро. 1) Тлумачэнне ад фіна-угорскага SUZI – ‘воўк’, лічым наіўным. 2) Збліжэнне з балцкім і старажытнарускім SUGE – ‘дождж’ нічога не дае для тлумачэння патамоніма. 3) У кнізе ‘Памяць. Касцюковіцкі раён’ (2000) даецца версія паходжання ад іранскага тэрміна ў значэнні ‘вада’, ад СУДЖАЦІ - ‘чысты’. 4) Існуюць тлумачэнні У. Пьянова, Б. Пуцілава ад СОЖЬ, САЖАРЫ, ПАЖАРЫ – ад спальвання лясоў (радзімічы актыўна звадзілі лясы пад раллю), ад назвы Сажара, ад СТАЖАРЫ – Млечны шлях. 5) На самой справе, усё магчыма прасцей: раён знаходзіцца ў арэале старажытнай фіна-угорскай экспансіі і Сож паходзіць ад апелятыва ШОШ – ‘ручай, рака’, на мансійскай мове СОС – ‘рака’, на мове комі СОС – ‘рукаў ракі’. 6) Паўночнарускія тэрміны СОШ, ШОШ, ШОШЫК – ‘лясны ручаёк, лажок’. 7) А. Рогалеў (2004) лічыць назву інда-еўрапейскай: СО- + -ОЖ, СО – сувязь з *SO, *SA, *SE, *SU ‘вада’, а – ОЖ з *OŽ, *OSH, *OS ‘рака’. Паводле Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва фіна-угорская.

46. СУРАЎ, рака, у Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах, правы прыток р. Бесядзь. Варыянтная назва – СУ́РАЎКА (у верхняй плыні, у значэнні ‘маленькі Сураў’). Рака цячэ па вільготнай нізіне, рэчышча задужа звілістае. Падобныя патамонімы сустракаюцца на Украіне (Сура, Мокрая Сура, 118 км, прыток р. Дняпро), у Расіі (6 рэк), у Баварыі.

Тапанімічныя паралелі канцэнтруюцца галоўным чынам у бас. Акі: Сура, Сурава, Суралей (2), Сурамля, Суранка, Сурынка, Сурка, Сурменка, Сурож, Сурочка, Шура, Шуранда, Шурка, Шуроўка; у Самарскай вобласці – Сурож. Версіі паходжання назвы: 1) народная этымалогія: ‘суровы / суворы’, ‘сыры / вільготны’; 2) дыялектны тэрмін СУРОЖКА – ‘нізінная лясістая мясцовасць, часта забалочаная’; 3) ад этноніма суры-анты (остготы); 4) Сура – эпітэт багоў у санскрыце, СУРА – Багіня і хмяльны кіслы напой з ячменю ў ведычнай традыцыі;

5) Бог Сур’я – бацька Велеса; 6) СУРАЎ, СУРОВ – старажытнарускія тэрміны ў значэнні ‘сырое месца’ (спалучэнне фіна-угорскага SUO – ‘балота’ і старажытнаславянскага РЪВ, РОЎ); 7) Іранскага паходжання – ад апелятыва SWRAV; у кнізе ‘Памяць. Касцюковіцкі раён’ патамонім звязваецца з іранскім ‘вада’ і СУДЖАЦІ – ‘чысты’; 8) балцкага паходжання: SU- ‘каля, пры’ + RAGAS – ‘выгін’ (‘рог’); 9) СУР- / ШУР-: параўнаць з удмурцкім тэрмінам ШУР ‒ ʻрака, ручай, лагчынаʼ, комі ШОР ‒ ʻручай, талая вадаʼ, з саамскім SURRE – ‘рукаў ракі’, мансійскім САР – ‘пратока’; комі-зыранскі і ўдмурцкі тэрмін СЮР – ‘рог’; 10) назва-характарыстыка забалочанасці мясцовасці, колеру вады, паху: у серба-харвацкай SUR- ‘цёмна-шэры’, у шэрагу германскіх моў, напрыклад, дацкай, нарвежскай, шведскай SUR- ‘кіслы’. Падобныя гідронімы ў сваёй большасці фіна-угорскія, але беларускі патамонім Сураў, больш верагодна, інда-іранскі (індаеўрапейскі) у значэнні ‘вільгаць’, ‘балотная рака’. 

47. СЯННА, рака, у Чэрыкаўскім р-не і па мяжы з Краснапольскім р-нам, левы прыток р. Сож. Акрамя беларускіх рэк Сянна, Сенненскае (Сянно) возера, цякуць рэкі Сянна ў Бельгіі, у Цвярской і Валагодскай абласцях Расіі, Сена /Сен (Seine, кельцк. Siquana, лац. Sequana) у Францыі. Корань СЯН- і старажытны фармант -НА. У большасці выпадкаў падобныя патамонімы выкарыстаны ў значэнні ‘павольная рака, у нізкай лагчыне, якая заліваецца вадой’. Версіі паходжанне гідранімічнага элемента СЯН-: 1) А. Манакоў (2008) выводзіць ад эстонскага SEN – ‘старэйшы’, латышскага SEN(S) – ‘старажытны’, магчыма, элементы могуць ўказваць, што рэкі з’яўляюцца прытокамі, у т.л. вялікай ракі (р. Сож); 2) СЯН- блізкі да кельцкай асновы *SOG-HAN у значэнні ‘павольны, ціхі, спакойны’; трэба ўлічыць, што першая р. Сянна ўпадае ў р. Лахва (германскі патамонім); 3) СЕН- можа быць этымалагічна звязаны з яцвяжскім апелятывам (i)SENIS ‒ ʻпраходʼ. 4) СЯН- можа характаразаваць і колер (цёмны), і лясныя ўмовы (СІНЬ – ‘густы лес’, і забалочаную нізіну (на комі і ўдмурцкай СІН – ‘крыніца, палыння, вакно’, на комі СЯН – ‘лагчына, якая заліваецца вадой’: ВАСÖД СЁН – ‘сырая лагчына’). 5) SEN ‘вада’, *NА- ‘вада’. Патамонімы могуць быць і фіна-угорскімі, і старажытнаеўрапейскімі. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа 7Беларусі, патамонім старажытнаеўрапейскі.

48. ТУР’Я, рака, у Краснапольскім р-не, левы прыток р. Сянна. Варыянтная назва – ТУРЭЯ. 1) Фіна-угорская версія: ТУР- указанне на азёрнасць (азёры, вытокі з азёр, праточнасць, сцёкавасць) і забалочанасць мясцовасцей; паводле уралазнаўцы А. Мацвеева (2008), у мансійскай ТУР- ‘возера’, – Я – ‘рака’, канчаткі -А, -Я, -ОЎЕ, -О(Й)Я, -ВЕЙ- у значэннях ‘ручай’, ‘рака’. Яшчэ ва ўгорскіх мовах мове TUR, ТУРЬЯ – ‘паўночны’: TURJANMERI – Паўночны Ледавіты акіян, TURJАNTULЕT паўночнае ззянне. 2) Патамонімы з коранем ТУР – распаўсюджаны па-за арэаламі фіна-ўграў: Луцк стаіць на р. Тур’я, у Закарпацці цячэ Тур’янка, у Швейцарыі Тур і іншыя.

Верагодная сувязь ТУР- з індаеўрапейскім *STR – ‘рака, струмень’, на санскрыце STHURA – ‘шырокі’, германская аснова STUR – ‘шырокі’.

3) Агульнаславянскі ТУР – ‘тур, буйвал’, роднасны літоўскі TAŨRAS ‘тур, буйвал’, старажытна-прускі TAURIS ‘зубр’, лацінскі TAURUS ‘бык’, гоцкі STIUR ‘бык, цялёнак’, кельцкі TAUR (THOR) – ‘гара’. 4) ТУР – ʻхуткіʼ, ТУРАВІЦЦА – ‘спяшацца’, у слоўніку І. Насовіча ТУРЫЦЬ ‘хутка ехаць, бегчы’. 5) ТР-/ТУР- указанне на азёрнасць і забалочанасць мясцовасці, што падцвярджае і варыянтная назва ПРУДОК. ТР- ‘ручай, пратока паміж азёрамі’, ‘праторыць, прадраць’, старажытна-верхня-нямецкі TURI – ‘дзверы’, грэческае THURA – ‘дзверы’, цюрка-іранскі корань UR – ‘вада, рака’, ‘возера’, балцкае URIKS – ‘лужа’; лацінскае URINA – ‘вада’. Па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, назва балцкая.

49. УЛЬЯНКА, рака, у Шклоўскім р-не, правы прыток р. Дняпро. У беларускай міфалогіі захавалася ўяўленне аб вадзе з крыніц, святой вадзе ў сувязі з імёнамі Алена і Улляна. Канструкцыя патамоніма: УЛ(Ь)- + – фармант ЯНКА. Цікавае назіранне: усе рэкі з УЛ- утвараюць у вусці вострыя вуглы з галоўнай ракой (лацінскае ANGULUS – ‘кут’, ‘вугал’; англічане-англяне-кутняне). УЛ- форма індаеўрапейскага кораня OL –ʻмокрае, затарфаванае месцаʼ, ʻпіццё, вадаʼ, ʻакруглая вялікая яма з вадой сярод лесу, УЛ – ‘плыць’, ‘струменне’, ‘рака’. Праславянскае *ULА звязана з такімі словамі як вуліца, вулей (старажытнагрэчаскае αὑλός – ʼдаўгаватая поласць, дудкаʻ, ἔναυλος – ʻрэчышчаʼ, αὑλών – ʼярʼ, вестфальскія ŌL, АUL ʼяр, лугʻ, ʻдарога, падарожжаʼ. Патамонім, па версіі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, балцкі, але больш верагодна, што назва інда-іранскі, асіміляваная славянамі.

50. ХАТОМЛЯ, возера, у Круглянскім р-не, бас. р. Друць. Варыянтная назва – СВЯТОЕ. Сувязь ХАТ- з паўночна-германскім GATE – ʻшляхʼ; ‘места перахода паміж азёрамі, балотамі, лясамі, волакі, насцілы, праходы’, старажытна-індыйскім GATU – ‘праход, дарога, шлях’; беларускае ХАТА ад авесційскага КАTA – ʻзямлянкаʼ, ʻвыкапанае жытлоʼ; старажытна-іранскае КАТА- ‘паглыбленне, яма’.

Праз возера магло праходзіць адгалінаванне старажытнага волакавага шляху паміж рр. Друць і Бярэзіна. Назва старажытнаеўрапейская (фармант – ОМЛЯ).

ІГАР ШАРУХА. Гідранімія Беларусі: гідронімы Магілёўскай вобласці: этымалагічны слоўнік. Магілёў: МДУ імя А. Куляшова, 2021.-188с.